Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Архіў навін

22.01.22

«Усё ў ажуры». Запрашаем наведаць

Пад такой назвай ў Любанскім музеі народнай славы 22 студзеня 2022 года распачала работу і працуе часовая выстава.

Супрацоўнікі музея запрашаюць палюбавацца вырабамі народнай мастацкай творчасці, вырабамі, якія стварылі мясцовыя майстры.  

Мала хто ведае, што такое выцінанка, але на самай справе з гэтай дэкаратыўнай тэхнікай знаёмы амаль усе, пачынаючы з маленства. Выцінанка – гэта тэхналогія ажурнага сілуэтнага выразання. Самы просты прыклад работ у гэтым стылі – навагоднія папяровыя сняжынкі, якія дзеці і дарослыя клеяць на вокны пад час святкавання Каляд, Новага года. Выразаць выцінанку можна не толькі з белай ці каляровай паперы: вытанчана вабяць вока розныя карцінкі з картону, фальгі, тонкага пластыка ці накрухмаленай тканіны.

У экспазіцыі прадстаўлена больш сямідзесяці мастацкіх аўтарскіх вырабаў майстроў Любаншчыны: Сярчэні М.В. з в Палічнае, Астрэйка Н.І. і Цыба Н.Р. з г.п. Урэчча, Радкевіч А.Р. з аг. Асавец і Адзінец С.В. з в. Закальное. Асаблівай увагі заслугоўвае народная бытавая выцінанка народнага майстра Беларусі Адзінец Наталлі Рыгораўны з аг. Рачэнь, якая ўзнаўляе даўно забытыя ўзоры, што некалі ўпрыгожвалі папяровыя фіранкі, сурвэткі, аздобы чырвонага кута і інш. Выцінанкі вялікіх памераў могуць выкарыстоўвацца ў якасці розных сурвэтак, настольнікаў ці нават дэкаратыўных штораў, а ажурныя трафарэты з тоўстага картону дапамогуць перанесці ўзор на мэблю альбо нават на фасады будынкаў. У кожны сантыметр паперы ці іншага матэрыялу майстрыхі ўкладвалі глыбокі сэнс.

Паспрабаваць «прачытаць» папяровыя пасланні нашых продкаў і сучаснікаў можна на выставе «Усё ў ажуры». Яна з’яўляецца працягам мерапрыемстваў, накіраваных на выхаванне павагі навучэнцаў да традыцыйнай культуры беларускага народа, фарміравання грамадзянска-патрыятычных якасцяў і пачуццяў падрастаючага пакалення да гісторыі Любаншчыны, прадметаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры землякоў.

Выстава працуе штодзённа ў Любанскім музеі народнай славы па вул. Леніна, 17, акрамя нядзелі і панядзелка, з 9.00 да 18.00 гадзін.

Запіс на экскурсійнае абслугоўванне, даведкі па тэл. 55-0-32 да 20 лютага 2022 года.

З мэтай паглыблення і пашырэння ведаў запрашаем вучняў устаноў адукацыі, бацькоў навучэнцаў, настаўнікаў наведаць выставу.

Раздзелы сайта